АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, у басейне ракі Маларыта, за 17 км на Паўднёвы Захад ад горада Маларыта. Плошча 4,6 км², даўжыня 5,2 км, найбольшая шырыня 2,1 км, найбольшая глыбіня 2,1 м. Плошча вадазбору 291 км².

Катлавіна плоская, сподкападобная, выцягнутая з Паўднёвага Захаду на Паўночны Усход. Берагі нізкія, забалочаныя, на Поўнач і Паўночны Захад сплавінныя. На Усходзе марэнныя ўзгоркі вышынёй 3—4 м. Прыбярэжныя ўчасткі дна высланы пяском, глыбей — сапрапелем. Моцна зарастае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 150—200 м, каля заходняга і паўночна-заходнягя берагоў развіваецца сплавіна. Каналамі злучана з ракой Маларыта і возерам Олтушскае. У выніку меліярацыі ўзровень возера знізіўся на 1,5 м.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)